Herzlich willkommen! Serdecznie witamy! Добро пожаловать! Welcome!

Donnerstag, 26. Januar 2012

"Keine Nummern mehr, sondern Menschen mit Namen"

 

Anlässlich des Gedenktags an die Opfer des Nationalsozialismus am 27. Januar verfasste Illia Lapato aus Minsk einen Artikel “Keine Nummern mehr, sondern Menschen mit Namen”, der in der belarussischen Tageszeitung “Zviazda” veröffentlicht wird.

 

 "Мы перасталі быць нумарамі, мы атрымалі імя"

З Кракава да Асвенцыма — кіламетраў 60. Снежныя праталіны змяняюцца за акном голай зямлёй і шэрымі абшарпанымі будынкамі. Сёння Асвенцым, як і перад вайной, — невялікае мястэчка. Толькі калі перад вайной яно амаль не адрознівалася ад соцень іншых, то сёння — вядомае ва ўсім свеце.
Сёння ў Асвенцыме жыве каля 40 тысяч жыхароў, шмат гаспадарчых і мэблевых крам, ёсць дзейная сінагога і сем касцёлаў. Музей у Аўшвіц-Біркенау штогод наведвае да аднаго мільёна чалавек.
 
Prof. Dr. Igor Malitskiy, Überlebender des KL Auschwitz
 Цэнтр дыялогу і малітвы ў Асвенцыме — адно з тых месцаў, дзе вывучаюць гісторыю Аўшвіца і дзе размешчаны атэль для начлегу падарожнікаў. Некалькі гадоў таму тут спыняўся Папа Бенядыкт ХVІ.
— Канцэнтрацыйны лагер зрабіў з Асвенцыма Аўшвіц, але сёння гэтае месца зноў жыве. Жыве як Асвенцым, — гаворыць супрацоўніца цэнтра сястра Мэры з Вялікабрытаніі. Кожны ранак гэтая жанчына ўдзельнічае ў службе за "ўсіх загінулых у Аўшвіцы" ў капліцы, размешчанай у цэнтры.
Немагчыма маўчаць
Як зазначае дырэктар музея ў Асвенцыме Пётр Цывінскі, адны з найбольш актыўных наведвальнікаў сёння — моладзь. Штодзень сотні груп (еўрапейцы, амерыканцы, нават карэйцы) прыязджаюць сюды, каб на свае вочы пабачыць месца, дзе закатавалі больш за мільён дзяцей, жанчын і мужчын. У адной з залаў — вялізны пакой з адрэзанымі чалавечымі валасамі. Пасля таго, як у вызвалены Аўшвіц увайшлі савецкія войскі, у адным з баракаў было знойдзена 7 тон (!) чалавечых валасоў... Гэта тое, што нацыянал-сацыялісты не паспелі знішчыць.
...86-гадовы ўкраінец Ігар Маліцкі падыходзіць да брамы былога лагера і не можа стрымаць слёз. У яго захавалася лагерная кепка ў палоску, якую ён надзявае. Ігар Маліцкі закасвае рукаў і паказвае свой нумар, атрыманы ў канцэнтрацыйным лагеры. Уваходзіць у лагер і пачынае ўзгадваць.
Сюды, у Асвенцым-1, Ігара Маліцкага прывезлі восенню 1943 года. Мужчыне было 17 гадоў. Далей пададзены вытрымкі з успамінаў прафесара Маліцкага падчас наведвання ім лагера.

Пра селекцыю
— Ва ўніверсітэце, дзе я выкладаю, часам мы праходзім тэму "Селектыўная зборка". Для мяне ж гэта азначае зусім іншае.
Раз на тыдзень, калі мы выстройваліся на пераклічку, ішоў хто-небудзь з урачоў і казаў, што сёння будзе селекцыя. Што гэта такое? Ідзе ўрач, тыцкае пальцам і кажа: "Косці", "косці", "косці"... А "капа" (лагерны наглядчык. — аўт.) ідзе за ім і запісвае нумар. А вечарам пад'язджае машына і вязе ў Аўшвіц-Біркенау (другі асноўны лагер, вядомы пад назвай Аўшвіц-2), у крэматорый. Адбіралі тых, хто быў непрацаздольны...
10 і 11 блок Аўшвіц-1
— Пасля каранціннага блока мяне перавялі ў 17-ы блок. Рабочы блок. Кожны ранак і вечар — Апэль (праверка): мы станавіліся, і нас пералічвалі. І кожны ранак па гэтай дарозе ў 10-ы блок вялі групу дзяўчат у цывільным адзенні — 10-15 чалавек. Я думаў, што туды іх водзяць і пасля выво-
дзяць. Аказваецца, над імі праводзілі страшныя доследы. І яны, па сутнасці, адтуль не вярталіся...
У адным з пакояў выставы наш праваднік спыняецца каля так званай нормы ежы, якую атрымлівалі вязні: пад шклом — штучны кавалак хлеба і міска супу.
— Не, — спыняе нашу ўвагу Ігар Маліцкі. — Усё было нашмат горш: калі б нас кармілі сапраўды так, то мы былі б сытыя. Насамрэч жа мы атрымлівалі толькі маленькую частку з гэтага хлеба, а таксама палову міскі супу, паказанай тут...
Пра ежу
— Усе стараліся атрымаць акрайчык: лічылася, што гэта сытней. Порцыі разразалі, а дзялілі наступным чынам. Адзін станавіўся спінаю да таго, хто наразаў. Той, хто наразаў, пытаўся: "Каму?" Той, які стаяў да яго спінаю, называў нумар зняволенага. Гэта каб не выбіралі самі сабе, а каб было па справядлівасці. У супе можна было знайсці гадзіннік, іголкі, пярсцёнкі...
Але есці хацелася ўсё адно. Таму елі і катоў, і сабак. Часам кажуць, маўляў, "ім нават каву давалі!" Каб вы ведалі: па каву мы стаялі, каб атрымаць не вадкасць, а тую кашу, якая заставалася на дне. А кава рабілася з жалудоў, нейкіх каштанаў. Гэта не было кавай, але так называлі.
Пра дапамогу мясцовага насельніцтва
— Пакуль ты мог працаваць — шанцы выжыць былі. Мы хадзілі на працу, і там нас падкормлівала мясцовае насельніцтва — палякі з прылеглых вёсак. Але як падкормлівалі? Яны не маглі даць ежу нам у рукі, яны проста пакідалі яе, маскіруючы, там, дзе мы працуем.
Памятаю, адзін хлопчык (на выгляд гадоў 14) кінуў нам звараную бульбіну. Эсэсаўцы спусцілі на яго сабаку, і яго гэты сабака так парваў, што кроў цякла па ўсім целе. Дзякуй Богу, што ён забраў пасля тую бульбіну і сабака не загрыз яго да смерці.
Зверствы фашыстаў
Ігар Маліцкі аглядае блок 17 і не можа спыніць слёз. Ён паказвае месца, дзе быў забіты да смерці яго сябар.
— Я стаяў на ўваходзе, а мой сябар — Толя (мой далёкі родзіч) дзесьці там ішоў і выпадкова натыкнуўся на эсэсаўца. Той яго стукнуў, Толя зваліўся, фашыст пачаў біць яго нагамі. Пасля падышоў яшчэ адзін, і ўдваіх яны пачалі збіваць і палкай, і нагамі, і рукамі — і ў выніку забілі насмерць.  Яму было 16...
Ілья ЛАПАТО. Аўшвіц—Мінск.

З 15 тысяч ваеннапалонных, якіх прывезлі ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц-1, у жывых засталося толькі 96 чалавек. Згодна з планамі фашыстаў, у Аўшвіц павінны былі патрапіць 11 мільёнаў еўрапейцаў. Узгадвае вязень Мінскага гета Міхаіл Трэйсцер:
— Кожны лагер, які мне давялося наведаць, пакінуў у памяці дэталь, што ўрэзвалася ў памяць намёртва. Бухенвальд — абажурамі і элегантнымі дамскімі сумачкамі з татуіраванай чалавечай скуры, Майданэк — сталом для разбору ў пакоі крэматорыя для вырывання залатых зубоў і пошуку праглынутых каштоўнасцяў. Траблінка — пусткай: усё знішчана, і толькі вялізнае поле, на якім безліч валуноў (памяць пра знішчаныя яўрэйскія абшчыны) і вялізны холм з попелу і чарапкоў...
У Асвенцыме чамусьці запомнілася вітрына, за якой тысячы пратэзаў ног, рук і яшчэ Бог ведае чаго. І незразумела, навошта іх захоўвалі. Спалучэнне звярынай жорсткасці з чыста нямецкай беражлівасцю. Ну а далей — цюкі жаночых валасоў, горы абгарэлых акуляраў, пенснэ, манокляў, міскі, чайнікі, адзенне, абутак, шчоткі, памазкі, брытвы, чамаданы...

Keine Kommentare:

Kommentar veröffentlichen